авторские видеоуроки, видеоуроки по русскому, математике и другим предметам.

более 1000 отборных презентаций, планов и материалов к уроку.

Дыктанты па беларускай мове: знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі

Восень

У маляўнічай палітры Восені розныя фарбы: чырвоная, ружовая, карычневая, жоўтая, барвовая, чырвоная, залатая.

Восень - прыгажуня і чараўніца. Ходзіць у доўгай залатой сукенцы, з распушчанымі косамі. Гарэзлівы ветрык раздзьмухнуў яе косы.

Восень усміхаецца і пачынае віцца ў чароўным танцы каля тонкіх бярозак. Дакранецца яна да жоўтай фарбы і крáпіць лісточкі. То правядзе тонкім шнурочкам па самым краі і ўпрыгожыць бярозку завушніцамі, то рассыпле залацінкі сонечнага святла па лісці таполі, а пасля дабавіць чырвані. Лёгкім, нячутным крокам паплыве да ясеня. Пяшчотна прытуліць да сябе яго галінкі і адпусціць. І стане явар барвовы, нібы засаромеўся. А вось клён адзінокі стаіць. Віецца Восень каля яго, кружыць. І становіцца клён ад лімонна-жоўтага да чырвона-бардовага. Потым адбягае і любуецца сваёю работай. А любавацца ёсць чым! (120 слоў)

Паводле В. Куксы

Захавальнікі гісторыі

Кожнае пакаленне пакідае пасля сябе мастацкія творы. Карціны і скульптуры, архітэктурныя пабудовы нясуць на сабе адбітак стагоддзяў. Па творах мастацтва вывучаюць гісторыю чалавецтва, гісторыю той або іншай краіны. Гісторыя мастацтва знаёміць з гісторыяй цывілізацыі ў маляўнічых вобразах.

Своеасаблівым сховішчам для твораў выяўленчага мастацтва з'яўляюцца музеі і карцінныя галерэі. У свеце існуе шмат музеяў. Адны з іх вялікія, налічваюць тысячы твораў, другія маленькія. Вялікія ведаюць ва ўсім свеце, а пра малыя толькі ў той мясцовасці, дзе музеі знаходзяцца.

Музеі зберагаюць для наступных пакаленняў прыгажосць, створаную чалавечым розумам. Захаваць, данесці да нашчадкаў гісторыю, адлюстраваную ў творах выяўленчага мастацтва, - іх галоўная мэта. Гэтай справе прысвячаюць сваё жыццё стваральнікі музеяў, захавальнікі і навуковыя супрацоўнікі, якія займаюцца вывучэннем і распаўсюджваннем ведаў пра мастацтва. (120 слоў)

Паводле Л.Сяргеенкі

Любімы горад

Наш горад заўсёды сустрэне вас добрай усмешкай, шчырай гасціннасцю, клопатам і ўвагай.

Яшчэ здалёк ён узнікае перад вамі як велічная паэма з каменю, шкла і творчага палёту. Горад іскрыцца ўсімі адценнямі самых яскравых фарбаў, рассцілае жывыя дываны газонаў і кветнікаў.

Мінск мае свой характар, свой рытм, сваё непаўторнае аблічча.

Прайдзіцеся на світанні па праспекце Незалежнасці. Дамы і паркі заліты мяккім ружаватым святломе. Вы адчуваеце свежасць і водар маладых ліп і росных кветак, чуеце характэрны рытм пачатку працоўнага дня. Сотні тралейбусаў, аўтобусаў і машын спяшаюцца ў прамысловыя раёны сталіцы.

Мінск жыве, шуміць, радуецца, марыць пра заўтрашні дзень. У любую пару года: вясной і ў студзеньскім срэбры, у барвах восені і ў дні ліпеньскай квецені - наш горад аднолькава светлы, прыгожы і натхнёны. (122 словы)

Паводле С. Грахоўскага

Вецер

Натаміўся за дзень вецер і прылёг адпачыць на ўскрайку лесу пад пышнымі лугавымі кустамі. Яму ж таксама трэба калісьці адпачываць.

Вецер у тутэйшых краях быў найбольшаю і найгалоўнейшаю асобаю. Усё мясцовае жыхарства: птушкі, кузуркі, матылькі - паважала яго, услаўляла, складала яму песні. Кожны подых ветру, кожнае яго слова зараз жа падхоплівалі тысячы галасоў.

А было за што паважаць вецер. Ён ачышчаў паветра ад смугі, дыму і туманаў. Падмятаў сцежкі і дарожкі, восенню вымятаючы апалае лісце, зімой расчышчаючы снежную замець, улетку ганяючы пыл і пясок.

Час ад часу вецер наганяў хмары. Дождж патрэбен быў кожнаму стварэнню, але вецер мог узлавацца і нарабіць шмат бяды. Вось чаму так паважала вецер насельніцтва лесу, навакольных палёў і лугоў. (114 слоў)

Паводле Якуба Коласа

Сумленны працаўнік

Давайце паназіраем за вераб'ём.

Яшчэ не ўсе птушкі вярнуліся з выраю, а ў гняздзе вераб'я ўжо вывеліся пісклявыя верабейчыкі. Колькі клопату бацькам! З ранку да позняга вечара снуюць вераб'і каля хаты, на агародзе, у садзе, нават на блізкіх лугах і палях. Шукаюць корму, але толькі не зярнят. Птушаняты яшчэ слабенькія, не могуць праглынуць зерне. Ім патрэбны вусені, матылі, мухі, чарвякі. Іх і шукаюць цяпер вераб'і. Знойдзе птушка вусеня і ляціць да гнязда. Суне ў рот галоднаму верабейчыку і зноў на здабычу. Так увесь дзень на працягу месяца, пакуль малыя падрастуць і змогуць самі здабываць сабе ежу. Колькі тысяч вусеняў пераловяць вераб'і за гэты час?

Верабей - сумленны працаўнік. (109 слоў)

Паводле часопіса «Вясёлка»

Адзенне нашых продкаў

З даўніх часоў да нас дайшлі рэшткі тканін з ільну, пянькі, шоўку, а таксама галаўных убораў, абутку.

Асноўным прадметам як жаночага, так і мужчынскага касцюма была тунікападобная кашуля. Яна мела то круглы, то чатырохвугольны, то косы выраз, які аздабляўся вышыўкай ніткамі, пáцеркамі або тасьмой. Былі і кашулі са стаячымі каўнярамі. Яны зашпільваліся гузікамі, завязваліся шнуркамі. У жанчын кашуля дапаўнялася панёвай, а ў мужчын - портамі. Верхнім адзеннем былі наплечныя пакрывалы, кажухі і шубы.

Значную ролю адыгрываў пояс з тканіны або скуры ці сплецены з нітак. Яго насілі з металічнымі спражкамі.

Адзенне знаці шылася з дарагіх прывазных тканін і ўпрыгожвалася вышыўкай залатымі ніцямі і каштоўнымі камянямі. Фарбы для тканін атрымлівалі з раслін і дрэў. Выкарыстоўваліся і мінеральныя фарбавальнікі: охра і мяккі гліністы жалязняк. (124 словы)

Паводле Л. Дучыц

Батлейка

Батлейка - беларускі народны лялечны тэатр. Ён вядомы яшчэ з ХУІ стагоддзя і насіў розныя назвы: яселка, батляемка, жлоб. Часцей за ўсё батлейка паказвалася на калядныя святы.

Які ж выгляд мела батлейка? Рабілася вялікая скрынка ў форме хаткі ці вясковай царквы. Замест вокнаў былі дзверцы. Вопратку для лялек шылі з тканіны. Валасы і бровы былі з лёну, пакулля ці аўчыны. Лялька насаджвалася на драўляны або металічны шпень, які рухаўся па проразях у падлозе хаткі. Сцэну ўпрыгожвалі тканінай, каляровай паперай. Батлеечнік знаходзіўся за скрынкай, рухаў лялькі і гаварыў тэкст. Часам ён сам быў не толькі выканаўцам, але і драматургам, і рэжысёрам, і мастаком, і музыкантам.

Жылі спектаклі доўга. Батлеечнікі вандравалі па ўсёй Беларусі. Іх прыезд у горад ці вёску станавіўся сапраўдным святам. (121 слова)

Паводле календара "Родны край"

 

megaraz on 01.02.2011 - 14:03

- спросила Лорен Сума покачал головой

megaraz on 01.02.2011 - 14:23

- спросила Лорен Сума покачал головой

megaraz on 01.02.2011 - 14:42

- спросила Лорен Сума покачал головой

Image CAPTCHA
Введите символы, которые вы видите на картинке.
Копирайт 2006—2011 Учителю.net. Администрация ресурса не несет ответственности за содержимое материалов, публикуемых пользователями. Копирование материалов сайта запрещается. При обнаружении нарушений обращайтесь в службу поддержки.

Карта сайта Геодезические работы в строит-ве - кран-манипуляторы. Реальные !!! Все Перевозки 1-20т.