Бесплатные онлайн-вебинары для учителей
интересно • быстро • выдача свидетельств
Выбрать тему
авторские видеоуроки, видеоуроки по русскому, математике и другим предметам.

более 1000 отборных презентаций, планов и материалов к уроку.

Дыктанты па беларускай мове: знакі прыпынку ў сказах з адасобленымі членамі



Хата на краі вёскі

На шырокай паляне, акружанай з трох бакоў лесам, маляўнічым парадкам стаяла шэсць хат.

Самая крайняя ад поля хата была новая і няскончаная. Вокны ў ёй былі забіты дошкамі наглуха, ніякай агароджы каля яе. Спарыш і трыпутнік буялі навокал не абжытай яшчэ будыніны. Гэтая расліннасць, мокрая і прыціснутая восеньскім холадам, усё яшчэ гусцілася і ўпарта зелянелася.

Ганка пры новай хаце з забітымі вокнамі таксама не было. Парог у сенцы быў высокі. Падмуроўка была зроблена з роўна складзенага вялікага камення, замацаванага цэментам і абсыпанага жвірам. Бярвенне было здаровае, смольнае. Сцены са спілаваных дошак выгароджвалі ў хаце кухню і шырокую бакоўку. Дробныя трэскі, рассыпаныя ўсюды, гнілі і зарасталі травою. Жытло пуставала. (112 слоў)

Паводле Кузьмы Чорнага

Песня ляснога жаваранка

Над ускрайкам лесу зазвінела песня ляснога жаваранка. Ён першы тут вітаў надыход дня, і песня разлілася ў маўклівым паветры звонам тонкага дарагога металу. Яна напоўніла сабою ясна-сінія разлогі надзем'я і глыбокую цішыню зямлі, агорнутай затоена-радаснай задуменнасцю. Усё навокал знямела, зачараванае цудоўнымі тонамі песні гэтага вольнага песняра ўзлескаў і пясчаных пустак між лесу. Птушка снавала высока ў небе і раняла мяккія ласкавыя мелодыі, сатканыя са звону стрэбраных струн, з булькання лясных ручайкоў, з зумкання пчаліных крыльцаў, шолаху яшчэ не раскрытых красак. І ўсе гэтыя тоны вельмі ўдала спляталіся ў песні ляснога жаваранка. Яна даходзіла да самых затоеных глыбінь сэрца і калыхала самыя тонкія струны душы.(107 слоў)

Паводле Якуба Коласа

Вясновы пейзаж

Як слаўна адчуваеш сябе красавіцкім вечарам, стоячы на развілцы палявых дарог і любуючыся з узгорка неабдымным прасторам! Шырокі закат прыгожа акаймоўваецца, накладаючы пурпуровыя фарбы на край лесу.

Дзе-нідзе яшчэ ляжыць снег, але паводка ўжо адбушавала, пакінуўшы ў нізінах часовыя азёры.

Звіняць ручайкі ў вячэрняй цішы. Кажуць, што гэта вясна бразгае срэбранымі ключамі, адмыкаючы дзверцы цёплым вятрам. Ляцяць вятры з далёкага поўдня, несучы з сабой неўгамонную веснавую сілу. Скараецца перад ёю зіма, адступаючы ў невядомыя паўночныя дáлі. Наўздагон ёй імчыцца вясёлая пераклічка пералётных птушак, пяшчотны звон ажыўшых ручайкоў і шэлест маладой зелені, што пачынае шчацініцца на адагрэтых пяшчотнымі промнямі сонца мясцінах.

Паветра, прасякнутае цеплынёй і пахамі адталай зямлі, крыштальна чыстае. (111 слоў)

Паводле Т.Хадкевіча

Баброва хатка

Звычайна бабёр выбірае месца для пабудовы хаткі між карэнняў старой вольхі. Вырыўшы каля пня вольхі ямку, ён робіць сабе такім чынам дно і сценкі логава. Зверху ён кладзе ачышчаныя ад кары палкі, робячы над логавам скляпенне і столь. Пазней на гэтыя бэлькі будзе ўкладзены лягчэйшы насціл. Яго звер зробіць з больш тонкіх і неачышчаных палак і галін.

Узвёўшы над логавам столь, бабёр будуе вакол галерэю. Для гэтай мэты ён кладзе на верхні насціл доўгія камлюкі, перавернутыя галінамі ўверх. Тонкія канцы гэтых галін упіраюцца ў зямлю. Вакол пабудовы робіцца яшчэ адна галерэя, шчодра пакрытая ілам і зямлёй. Паклаўшы гэтыя галіны, бабёр кладзе наступныя рады галін і палак, пакрываючы іх зноў ілам і зямлёй. Так паўтараецца, пакуль хатка не будзе ўзведзена да патрэбных памераў. (124 словы)

Паводле В. Вольскага

СЛОЎНІК

Бэлька - драўляны, жалезны або жалезабетонны брус, які ўмацаваны канцамі ў дзве процілеглыя сцяны або ўстоі і служыць падтрымкайнасцілу (падлогі, столі і інш.)

Галерэя - тут: вузкі крыты калідор, які злучае дзве асобныя часткі будынка.

Камлюк - разм. Ніжняя частка ствала дрэва; камéль.

Скляпенне - тут: дугападобнае перакрыццё, якое злучае сцены, апоры пэўнага збудавáння.

Столь - тут: верхняе ўнутранае пакрыццё памяшкання, процілеглае падлозе.

Ранішнія птушкі

Першымі ў вёсцы прачынаюцца не пеўні, якія гарланяць з другой палавіны ночы, а птушкі.

Яшчэ не ўзышло сонца, а на вішні, скачучы па галінках, усчынаючь гамонку вераб'і. Вішня старая, разгалістая, абымшэлая. Ягад на ёй даўно няма. Няма вераб'ям пажытку, і яны проста радуюцца дню і святлу.

Потым прылятае варона, апранутая ў чорную світку. Яна, агледзеўшы падворак, садзіцца на вільчык хаты і доўга, аднастайна кáркае, нібы сварачыся на неўгамонных вераб'ёў, абудзіўшых яе. Выказаўшы сваё незадавальненне крыклівым вераб'ям, варона знікае, а на змену ёй прыбываюць сарокі. Яны прымошваюцца на штыкетніку, скачуць з калка на калок, трашчаць, мітусяцца і, расказаўшы пра ўсе навіны, пералятаюць на суседні двор, шукаючы новых слухачоў, яшчэ не чуўшых новыя плёткі.

Так пачынаецца раніца ў вёсцы. (119 слоў)

Паводле І. Навуменкі

 

У ранішнім лесе

Нерухома стаяў густы, амярцвелы лес, шчыльна прытуліўшы верхавіны да верхавін, пераплёўшы галіны, пакрытыя белай шэранню. У лесе панаваў ранішні спакой, нічым не патрывожаны. Толькі ў гушчары галін суха патрэсківаў мароз, пераскокваючы з дрэва на дрэва. Пачынала святлець. Са змроку вырысоўваліся стромкія камлі асін, скрыўленыя бярозы. Паміж іх выступалі зламаныя бурай, расшчэпленыя абломкі дрэў і спілаваныя пні з белымі круглымі шапкамі. Там-сям былі раскіданы прыгожа скругленыя снежныя курганкі.

Снег, працяты марозам, хрустка скрыпеў пад нагамі мужчын. Ішлі яны не спяшаючыся, выбіраючы найбольш глухія лясныя сцежкі, абыходзячы небяспечныя мясціны. Нечым вельмі заклапочаныя, яны ішлі моўчкі, углыбіўшыся ў свае самотныя думкі. (101 слова)

Паводле Якуба Коласа

«Чорнае золата»

Шмат карысных выкапняў у нетраў зямлі. Але ніводнаму не надаецца столькі ўвагі, як нафце. Усюды без яе нельга абысціся. Без яе спыніліся б аўтамабілі і цеплавозы, не змаглі б працаваць электрастанцыі, фабрыкі, заводы. З нафты здабываюць бензін, робяць каўчук, пластмасу, фарбы, тканіну, лякарствы, парфуму і шмат чаго іншага.

У нетрах беларускай зямлі прамысловую нафту знайшлі каля горада Рэчыца.

Мільёны гадоў таму назад Палессе было дном неглыбокага мора, багатага на дробныя жывёлы і расліны. Яны вельмі хутка размнажаліся, але і век мелі кароткі. Паміраючы, жывёлы і расліны ападалі на дно. Іх заносіла глеем. Так на працягу многіх мільёнаў гадоў. Астанкі маленькіх жывёл і раслін з цягам часу ператварыліся ў нафту.

Цяпер у нетрах Беларусі знойдзена шмат карысных выкапняў, але геолагі не спыняюць пошукаў. (124 словы)

Паводле часопіса "Пралеска"